Дзяржаўная ўстанова культуры «Хоцімскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей»

Хоцімскі гісторыка-краязнаўчы музей - адзін з самых маладых у Магілёўскай вобласці. Рашэнне аб адкрыцці музея было прынята ў 1996 г. Работа пачалася з вывучэння гісторыі гарадка, рэгіянальных асаблівасцей, збора экспанатаў, і ў 1998 г. была адкрыта першая экспазіцыйная зала «Этнаграфія». Агульная колькасць экспанатаў – 5248 (2012). На сённяшні час у музеі дзейнічаюць тры стацыянарныя экспазіцыйныя залы. Мэтай стварэння экспазіцыі залы "Этнаграфія" з'яўляецца адлюстраванне музейнымі сродкамі асаблівасцей гісторыка-этнаграфічнага развіцця краю. У зале "Археалогія і старажытная гісторыя Хоцімшчыны" ў храналагічным парадку прадстаўлены рэчавыя комплексы розных эпох, пачынаючы з палеаліту і да сярэднявечча ўключна. У аснове стварэння экспазіцыі зала "Прырода роднага краю" ляжыць прынцып аховы прыроды, паказваецца ўзаемасувязь чалавека з прыродай, багацце расліннага і жывёльнага свету ў розныя поры года на Хоцімшчыне. У музеі маецца выставачная зала, дзе праходзяць прывазныя выставы і выставы з фондаў музея і прыватных калекцый.